Нараджэнне і развіццё мовы абумоўліваецца асаблівасцямі гісторыі, жыцця народа. Узнікненне і фарміраванне беларускай мовы адбывалася ў непарыўнай сувязі з гісторыяй усяго славянства.
У III тысячагоддзі да нашай эры склалася славянская этнічная супольнасць, адзіны славянскі народ са сваёй мовай і культурай. Да сярэдзіны I тысячагоддзя нашай эры, славяне карысталіся адной мовай, якую ў навуцы прынята называць праславянскай або агульнаславянскай. Самым працяглым у гісторыі беларускай мовы быў перыяд агульнаславянскі, ад якога ў мовах сучасных славян захаваліся аднолькавая лексіка, аднолькавыя фанетычныя заканамернасці і рысы граматычнага ладу.
У VI–VII стст. завяршылася рассяленне славян на вялікай тэррыторыі Еўропы; у выніку ўтварыліся тры групы славянскіх плямен: усходнія, заходнія і паўднёвыя славяне. Беларуская народнасць сфарміравалася на аснове ўсходнеславянскіх пляменаў – крывічоў, дрыгавічоў і радзімічаў.
На працягу Х–ХІІІ стст. усходнеславянскія народнасці, у тым ліку і беларуская, карысталіся адной пісьмовай (літаратурнай) мовай, на якой створана даволi шмат рукапiсных помнiкаў (рэлiгiйных, справавых, мастацкiх). Некаторыя з захаваных старажытнаўсходнеславянскiх твораў напiсаны на беларускай зямлi нашымi славутымi продкамi: К. Typаўскiм, К. Смаляцiчам, Л. Богшам i iншымі. Найбольш знакамiтымi помнiкамi таго часу з'яўляюцца: «Слова пра паход Iгаравы», «Аповесць мiнулых часоў», «Руская праўда».
З улікам наяўнасці пісьмовых помнікаў усю гісторыю беларускай літаратурнай мовы можна падзяліць на тры асноўныя перыяды яе развіцця.
Першы перыяд (Х–ХІV стст.) – агульнаславянскі перыяд. Гэта час існавання і развіцця старажытнарускай, ці старажытнаўсходнеславянскай, літаратурнай мовы. На гэты час не было кнігадрукавання, таму ўсе пісьмовыя помнікі з’яўляюцца рукапіснымі. Да нашага часу захавалася каля тысячы разнастайных рукапісаў гэтага перыяду, палова з якіх прыпадае на ХІV ст.
Другі перыяд існавання беларускай літаратурнай мовы ахоплівае ХІV–ХVІІІ стст. – старажытнабеларускі перыяд. Храналагічна ён супадае з утварэннем і далейшым развіццем беларускай народнасці ў складзе Вялікага Княства Літоўскага, у якім землі сучаснай Беларусі складалі асноўную частку яго тэрыторыі. Мову гэтага перыяду прынята называць старажытнабеларускай, або старабеларускай. У XV ст. яна дасягае найвышэйшай ступені свайго развіцця і выступае ўжо як асобная славянская мова. Старажытная беларуская мова з XIV ст. з’яўлялася дзяржаўнай у Вялікім Княстве Літоўскім і выкарыстоўвалася ва ўсіх сферах гаспадарчага і грамадскага жыцця.
Сведчаннем развіцця юрыдычнай думкі эпохі феадалізму з’яўляецца створаны на старажытнай беларускай мове Статут Вялікага Княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага (1529, 1566, 1588), адзіны ў Еўропе XVI ст. збор законаў.
Важную ролю ў развіцці тагачаснай культуры адыграла кнігадрукаванне, заснавальнікам якога быў сын беларускага народа таленавіты вучоны і асветнік – Францішак Скарына. Яго выдавецкая дзейнасць, распачатая ў 1517, паслужыла пачаткам кнігадрукавання ва ўсходніх славян. Вялікі ўклад у развіццё беларускай мовы ўнеслі Сымон Будны і Васіль Цяпінскі.
Пасля 1569 года Вялікае Княства Літоўскае паводле Люблінскай уніі аказалася ў палітычным падпарадкаванні Рэчы Паспалітай. Беларуская феадальная знаць выраклася роднай мовы i культуры. Склаліся неспрыяльныя ўмовы для дальнейшага развіцця беларускай лiтаратурнай мовы. Яна паступова стала выцясняцца з усiх сфер грамадскага жыцця. У 1696 г. быў прыняты закон, паводле якога беларуская мова як дзяржаўная (пісьмовая) забаранялася і ўводзілася польская.
У канцы XVII–XVIII стст. пісьмовая беларуская мова знаходзілася ў заняпадзе. Гэта быў заключны перыяд у працяглай гісторыі старажытнай беларускай лiтаратурнай мовы і ён бедны на пiсьмовыя помнiкi.
Перыяд новай беларускай лiтаратурнай мовы прыпадае на XIX і XX стст. У канцы XVIII ст. Беларусь знаходзiцца ў складзе Расiйскай імперыi. Гэта не прынесла беларускаму народу спрыяльных умоў для нармальнага развіцця яго нацыянальнай культуры, мовы. У 1840 г. царызм спыніў дзеянне на Беларусі Статута Вялікага Княства Літоўскага 1588, ліквідаваў грэка-каталіцкую (уніяцкую) царкву, якая вяла набажэнства на беларускай мове, забараніў ужываць у афіцыйных дакументах назву “Беларусь”.
Працяглы час заняпаду старажытнай беларускай мовы прывёў да таго, што яе традыцыі былі страчаныя і новая літаратурная мова пачала фарміравацца на базе вуснай народна-дыялектнай мовы незалежна ад старажытнай. У працэсе яе станаўлення галоўную ролю адыграла мастацкая літаратура. Вялікая заслуга ў стварэнні беларускай літаратурнай мовы належыць Вінцэнту Дуніну-Марцінкевічу, Францішку Багушевічу, Янку Лучыну, Адаму Гурыновічу, Альгерду Абуховічу, Кастусю Каліноўскаму. У іх творах удасканальваліся і замацоўваліся ў якасці нормы больш агульныя моўныя рысы, характэрныя для ўсіх беларускіх гаворак.
На пачатку ХХ ст. была знятая забарона карыстацца беларускай мовай, друкаваць на ёй. Сталі выдавацца беларускія газеты і часопісы “Наша Ніва”, “Наша Доля”, “Лучынка”, “Беларус”. Узнікла выдавецтва “Загляне сонца і ў наша аконца”.
Пачалі стварацца падручнікі для беларускіх школ. У мастацкую літаратуру прыйшлі пісьменнікі магутнага таленту: Я. Купала, Я. Колас, М. Багдановіч, М. Гарэцкі, Ц. Гартны. Значную частку сваёй маёмасці на развіццё беларускай мовы ўнесла Марыя Магдалена Радзівіл.
Інтэнсіўна выпрацоўваюцца лексічныя, арфаграфічныя, граматычныя нормы. Гэта быў самы плённы перыяд у развіцці і станаўленні новай беларускай літаратурнай мовы за ўвесь час яе адраджэння.
Новы этап у гісторыі беларускай літаратурнай мовы быў звязаны з будаўніцтвам на пачатку 1920-х гг. беларускай дзяржавы. Беларуская мова стала мовай дзяржаўных і гаспадарчых устаноў, школы і навукі, мастацкай літаратуры і перыядычнага друку, радыё і тэатра. Літаратурная мова ўзбагацілася новай тэрміналагічнай лексікай, развіваліся і ўдасканальваліся стылі, замацоўваліся моўныя нормы.
З 1930-х гадоў пачынаецца мэтанакіраванае выцясненне беларускай мовы са сферы навучальна-выхаваўчага працэсу ў школе. Паступова беларуская мова выцясняецца і з многіх іншых сфер грамадскага жыцця.
26 студзеня 1990 г. быў прыняты закон аб беларускай мове, які прадугледжваў аднаўленне беларускай мовы найперш у сферы афіцыйна-дзелавога ўжытку, у адукацыі. Рэферэндум 14 мая 1995 г. пастанавіў дзяржаўнае двухмоўе: беларуская і руская мовы могуць раўнапраўна выкарыстоўвацца як дзяржаўныя ў розных сферах жыцця рэспублікі. Але, улічваючы большую пашыранасць рускай мовы ў беларускім грамадстве, такое раўнапраўе дзвюх моў фактычна стварае пэўныя перавагі для рускай мовы.
Тым не менш беларускім народам створаны фальклор, адзін з найбагацейшых у Еўропе, і адметнае беларускае пісьменства, дзе прадстаўлены арыгінальны светапогляд беларусаў, адлюстраваныя на пісьме светаадчуванне і бачанне навакольнага жыцця, якія ўяўляюць сабой духоўную каштоўнасць сусветнага маштабу, бо не паўтараюць іншыя літаратуры і фальклор, не прыпадабняюцца да іх.
Славуты зямляк, паэт Адам Міцкевіч называў беларускую мову самай чыстай і багатай з усіх славяскіх моў. У апошнія дзесяцігоддзі беларуская мова працягвае ўзбагачвацца новымі сродкамі выразнасці, новай лексікай як за кошт выкарыстання ўласных рэсурсаў, так і шляхам запазычання з іншых моў. Яна знаходзіцца ў няспынным удасканаленні і развіцці.