Курапаты
Ушанаванне ахвяр сталінскага рэжыма ў народным мемарыяльным комплексе "Курапаты"
Паводле розных падлікаў ад 30 да 250 тысяч чалавек карнікі НКВД расстралялі з 1937 па 1941 гады ў лясным масіве пад Мінскам. Цягам апошніх дзесяцігодзьдзяў у Курапатах былі ўсталяваныя некалькі тысячаў крыжоў – на алеі, уздоўж асноўных тропаў, на ямінах-магілах, вакол урочышча.
Віртуальны музей
На тэрыторыі Беларусі cавецкія рэпрэсіі пачаліся адразу пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі ў 1917 годзе і працягваліся практычна да падзення савецкага рэжыму. Масавыя рэпрэсіі ажыццяўляліся ў перыяд кіравання Сталіна (канец 1920-х — пачатак 1950-х гадоў). Пік рэпрэсій, які атрымаў назву “Вялікі тэрор”, прыпаў на 1937-38 годы, калі па справах органаў НКУС былі арыштаваныя, беспадстаўна асуджаныя і расстраляныя сотні тысяч чалавек. У Беларусі ахвярамі рэпрэсій сталі прадстаўнікі ўсіх пластоў грамадства, пачынаючы з культурных і палітычных элітаў, якіх абвінавачвалі ў буржуазным нацыяналізме, і сканчаючы рэпрэсіямі супраць сялян у перыяд калектывізацыі. Аднак у нашай краіне дагэтуль не аддадзеная даніна памяці ахвярам рэпрэсій, гісторыя рэпрэсій у БССР недастаткова асветленая ў гісторыяграфіі, у сучаснай Беларусі няма ні агульнанацыянальнага музея, ні асобнай экспазіцыі, якая б комплексна і аб’ектыўна распавядала пра гісторыю савецкіх рэпрэсій.
Асноўнай мэтай Віртуальнага музея з’яўляецца захаванне памяці і распаўсюд інфармацыі пра савецкія рэпрэсіі.
- У першую чаргу, наша дзейнасць накіраваная на відэазапіс і захаванне ўспамінаў ахвяраў рэпрэсій, пошук і збор матэрыяльных сведчанняў злачынных дзеянняў савецкай рэпрэсіўнай машыны;
- Падтрымка і развіццё сайта Віртуальнага музея, размяшчэнн новых "экспанатаў": апрацоўка сабранай інфармацыі і вывешванне на сайт, стварэнне новых інтэрактыўных картаў месцаў савецкіх рэпрэсіяў і інш.
- Віртуальны музей рыхтуе перасоўныя выставы пра савецкія рэпрэсіі са сваіх фондаў і іншых дасягальных матэрыялаў.
- Задачай музея таксама з’яўляецца распаўсюд і данясенне да грамадства сабраных ведаў пра трагічныя падзеі нашага мінулага праз правядзенне экскурсіяў, лекцыяў, вечарынаў, паказаў фільмаў для моладзі.