У красавіку гэтага года стала вядома аб унікальнай знаходцы: ва ўкраінскім горадзе Чуднаў Жытомірскай вобласці выяўлена надмагільная пліта Яна Баршчэўскага, аднаго з яркіх беларускіх пісьменьнікаў XIX ст.
21 чэрвеня прадстаўнікі Фонду Марыі Магдалены Радзівіл наведалі Чуднаў, каб зладзіць супрацоўніцтва ў справе ўшанавання памяці нашага славутага суайчынніка.
Алесь Сапега, Прэзідэнт Фонду Марыі Магдалены Радзівіл:
“Адной з задач у сваёй дзейнасці Фонд ставіць правядзенне мерапрыемстваў па захаванні культурна-гістарычнай спадчыны Беларусі. Таму мы палічылі неабходным зрабіць захады дзеля ўшанавання памяці Яна Баршчэўскага, аднаго з заснавальнікаў новай беларускай літаратуры. Ад Фонду яшчэ ў красавіку былі накіраваныя звроты ў амбасаду Беларусі ва Ўкраіне, у Чуднаўскі гарадскі савет і ў касьцёл Адшукання Крыжа Гасподняга з просьбай аб захаванні інтэрэсаў беларускага боку пры правядзенні далейшых дзеянняў, звязанных з нашым знакамітым суайчыннікам.
Зараз прадстаўнікі фонду наведалі горад каб правесці перамовы з адказнымі па пытаннях захавання гісторыка-культурных каштоўнасцяў асобамі і дамовіцца аб супрацоўніцтве ў правядзенні мерапрыемстваў па ўшанаванню памяці Яна Баршчэўскага”.
У Чуднаве прадстаўнікі фонду сустрэліся з кіраўніком Чуднаўскай гарадской рады Галінай Сяргееўнай Вербельчук і начальнікам аддзела культуры, моладзі і спорту Святланай Уладзіміраўнай Захарчанка.
Святлана Уладзіміраўна ўражана высокай цікавасцю беларусаў да сваёй спадчыны. З прычыны накіраваных фондам зваротаў з ёй звязваліся супрацоўнікі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і абмяркоўвалі падзеі, звязаныя са знаходжаннем надмагільны пліты.
Святлана Уладзіміраўна: “Пасля знаходкі ў красавіку надмагільнай пліты навіна пра гэта сталася найгалоўнейшай для нашай мясцовасці ў той перыяд. Падзея і імя Яна Баршчэўскага прыцягнулі ўвагу і беларусаў, і палякаў, і ўкраінцаў. З гэтай нагоды 14 мая створана працоўная группа па ўшанаванню памяці беларускага і польскага пісьменніка, у якую ўваходзяць прадстаўнікі гарадской рады і грамадскасці. Задачамі працы гэтай групы з’яўляюцца ўзнаўленне надмагільнай пліты, стварэнне памятнага знака Яну Баршчэўскаму, вызначэнне месца яго ўсталявання і ўрачыстыя мерапрыемствы, прымеркаванныя да адкрыцця памятнага знака. Прадстаўнікам працоўнай групы неабходна ўзаемадзейнічаць з беларускімі і польскімі бакамі, якія зацікаўленыя гэтым пытаннем”.
Святлана Уладзіміраўна станоўча паставілася да актыўнасці з боку фонду і лічыць, што гэтая сустрэча з яго прадстаўнікамі з'яўляецца своечасовай. Адбыліся перамовы і дамоўленасці аб далейшым узаемадзеянні і супрацоўніцтве ў справе падрыхтоўкі прапаноў аб выглядзе памятнага знака Яну Баршчэўскаму, прыцягненню сродкаў на яго стварэнне, і ў арганізацыі ўрачыстых мерапрыемстваў пад час афіцыйнага адкрыцця.
У дадзены момант надмагільная пліта знаходзіцца на захаванні ў рыма-каталіцкім касьцёле Адшукання Крыжа Гасподняга, куды яе перадалі прадстаўнікі Саюзу палякаў пасля прыняцця ад гаспадароў падворка, на якім надмагільная пліта была знойдзена.
Айцец Мірон: “У бліжэйшыя дні прадстаўнікі Саюзу палякаў адвязуць пліту ў Кіеў, каб зарэгістраваць яе ў Міністэрстве культуры, як культурна-гістарычную каштоўнасць, а потым аддадуць на ўзнаўленне. Пасля ўзнаўлення яе вярнуць ў Чуднаў”.
Адным з месцаў усталявання памятнага знака Яну Баршчэўскаму і захавання надмагільнай пліты разглядаюць тэрыторыю касьцёла.
Ян Баршчэўскі – беларускі пісьменьнік, паэт, выдавец, адзін з пачынальнікаў новай беларускай літаратуры. Нарадзіўся ў в. Мурагі, Полацкага павета (Расонскі раён, Віцебская вобласць, Беларусь). Праведзена шмат даследаванняў, але пакуль што не ўдалося высьветліць дакладны год нараджэння Яна Баршчэўскага (1790?, 1794? 1796? 1797?).
Большую частку твораў Ян Баршчэўскі напісаў на польскай мове, аднак у іх пісьменнік звяртаўся да беларускіх паданняў, фальклорных сюжэтаў і беларускіх вобразаў. Асноўным творам аўтара з’яўляецца зборнік фантастычных твораў з жыцця беларускай глыбінкі «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях» у 4-х тамах (1844-1846). Таксама Ян Баршчэўскі пісаў вершы на беларускай мове.
Да 1850 году па запрашэнні польскага пісьменніка Генрыха Ржавускага пераехаў жыць у г.Чуднаў ва Ўкраіну. Апошнія гады жыцця правёў у доме графіні Ю. Ржавускай, дзе ў той час жыў і мастак Напалеон Орда.
Памёр Ян Баршчэўскі ад сухотаў. Пісьменніка пахавалі на каталіцкіх могілках, але паколькі іх у Чуднаве было некалькі, дакладнае месца яго пахавання пакуль не вядомае.
На знойдзеннай надмагільнай пліце надпіс па-польску: «Ян Баршчэўскі, які любіў Бога, прыроду і людзей. Пісьменнік натхненняў і пачуццяў. Жыў годна 70 гадоў. Памёр 28 лютага 1851 года».
JAN
BARSZCZEWSKI
MILOSNIK
BOGA
NATURY I LUDZI
PISARZ
NATCHNIEN
UCZUCJA
ZYL CNOTLIWIE
LAT 70
UMARL
28 LUTEGO 1851 ROKU