У праекце Радыё Беларусь “З Беларуссю ў сэрцы” распавялі аб працы па ўшанаванні памяці выбітных землякоў, святочнай імпрэзе да дня нараджэння мецэнаткі беларускага адраджэння пачатку 20-га стагоддзя Марыі Магдалены Радзівіл і іншых навінах дзейнасці фонду.
Таццяна Гаргалык: Супляменнікі 17 краін прынялі ўдзел у чарговым паседжанні Кансультатыўнага савета па справах беларусаў замежжа пры Міністэрстве замежных спраў Беларусі.
Усталяванне памятных дошак і шыльдаў выбітным дзеячам беларускай гісторыі і культуры - тэма, на якой пад час сустрэчы засяродзіўся кіраўнік Беларускага аб’яднання ў Швейцарыі, Прэзідэнт Фонду Марыі Магдалены Радзівіл Алесь Сапега. Таксама па яго словах зараз фонд сумесна з пасольствам Беларусі ў Берне распрацоўвае мапу беларускіх мясцін у Швейцарыі.
Алесь Сапега: Тэм, насамрэч, вельмі багата, але ў гэтым годзе хацелась бы вызначыцца па шыльдам. Ёсць план адкрыць шыльду Марыі Магдалене Радзівіл, а таксама Адаму Міцкевічу, які выкладаў 2 гады ў Лазане. Ідуць ўжо дамоўленнасці аб тым, каб атрымаць дазвол на адкрыццё гэтай шыльды Адаму Міцкевічу ва універсітэце. Таксама мяне хвалюе пытанне - лёс шыльды Баршчэўскага.
Разам з амбасадарам Рэспублікі Беларусь ў Швейцарыі мы прыйшлі да ідэі, каб стварыць беларускую мапу ў Швейцарыі, дзе будуць пазначаныя важныя мясціны для беларусаў - гэта і гістарычныя асобы, гэта і аб’екты, нават вуліцы, чым зараз Фонд Марыі Магдалены Радзівіл і займаецца. Задача ставіцца так, каб гэта быў электронны варыянт, а таксама магчымасць гэтую мапу друкаваць. Нам застаецца папрацаваць над тым, каб напоўніць гэтую мапу аб’ектамі і мясцінамі. Гэта і слуцкія паясы, і вуліца беларускі Тумаркінай – гэта першая прафесар-філосаф жанчына ў свеце. Гэта і вітражы Шагала, якія знаходзяцца ў Цюрыху і гэтак далей. Ну, і безумоўна, наш беларускі герой Касцюшка.
І, дзякуючы Аксане Семянюк, якая дапамагае нам у гэтай справе, спадзяюся, у гэтым годзе мы пабачым беларускую мапу ў Швейцарыі.
Таццяна Гаргалык: У красавіку стала вядома аб унікальнай знаходцы - ва ўкраінскім горадзе Чуднаў Жытомірскай вобласці выявілі надмагільную пліту пісьменніка XIX стагоддзя Яна Баршчэўскага.
На пліце надпіс па-польску: «Ян Баршчэўскі, які любіў Бога, прыроду і людзей. Пісьменнік натхненняў і пачуццяў. Жыў годна 70 гадоў. Памёр 28 лютага 1851 года».
Каб зладзіць супрацоўніцтва ў справе ўшанавання памяці літэратара прадстаўнікі Фонду Марыі Магдалены Радзівіл наведалі Чуднаў. Распявядае Ірына Логвін.
Ірына Логвін: Напачатку мы сустрэліся з кіраўніцай мясцовай рады, яна накіравала нас да начальніцы аддзела культуры - Захарчанка Святланы Уладзіміраўны, і асноўныя перамовы адбыліся з ёй пры сустрэчы.
Па-першае яна адзначыла, што была вялікая цікаўнасць да знойдзенай пліты. На той момант было такое адчуванне, што іншых навін у іх мясцовасці няма, толькі навіна аб знойдзенай шыльдзе. Святлану Уладзіміраўну ўражвае вялікая цікаўнасць і беларускага, і польскага боку да сваіх знакамітых асобаў, да сваёй культурнай спадчыны.
Яна сказала, што гэтая сустрэча з’яўляецца сваечасовай. У іх з нагоды такіх вялікіх цікаўнасцяў створана працоўная група, у якую ўвайшлі як прадстаўнікі мясцовай рады, так і прадстаўнікі грамадскасці. У іх задачы - па-першае, адрэстаўраваць надмагільную пліту, стварыць памятны знак Баршчэўскаму, вызначыць месца яго ўсталявання. Ну і, канешне, задачай гэтай працоўнай группы з’яўляецца захаванне інтэрэсаў усіх бакоў, хто ўвогуле зацікаўленны захаваннем культурнай спадчыны і ўшанаваннем памяці Яна Баршчэўскага.
Пасля мы наведалі касцёл, дзе захоўваецца зараз гэтая шыльда (часова), паразмаўлялі з айцом Міронам. Ён паведаміў, што праз некалькі дзён (пасля нашай сустрэчы) планавалася везці шыльду ў Кіеў, каб зарэгістраваць яе ў Міністэрстве культуры, як культурна-гістарычную каштоўнасць, а потым аддаць на ўзнаўленне. Пасля ўзнаўлення гэтая шыльда будзе вернутая ізноў ў Чуднаў. І адным з месцаў усталявання памятнага знака для Яна Баршчэўскага, захавання надмагільнай пліты і з’яўляецца месца касьцёла.
Але, як сказала Святлана Ўладзіміраўна, абавязкова яны будуць сачыць, каб быў доступ для ўсіх жадаючых наведаць гэтае месца.
Задавалі таксама пытанне, ці магчыма знайсці магілу Яна Баршчэўскага. Адказалі, што гэта зараз вельмі складана, таму што пад час Другой сусветнай вайны і пад час савецкага перыяду адбылося шмат змяненняў і зараз на тым месцы пасяленні людзей. І фактычна шукаць там - малаверагодна.
Таццяна Гаргалык: Проста гэта будзе нейкае памятнае месца, пакуль што так гэта вызначаецца?
Ірына Логвін: Так, менавіта пра гэта вядзецца гаворка, што гэта будзе памятнае месца. І мы дамовіліся, што Фонд Марыі Магдалены Радзівіл будзе актыўна ўдзельнічаць, у тым, каб падрыхтаваць нейкія прапановы па тым, як будзе выглядаць гэты памятны знак, а таксама ў прыцягненні сродкаў на яго стварэнне.
Таццяна Гаргалык: Ян Баршчэўскі – беларускі пісьменьнік, паэт, выдавец, адзін з пачынальнікаў новай беларускай літаратуры. Нарадзіўся ў Полацкім павеце. Большую частку твораў Ян Баршчэўскі напісаў на польскай мове, аднак, звяртаўся да беларускіх паданняў, фальклорных сюжэтаў і беларускіх вобразаў. Таксама Баршчэўскі пісаў вершы на беларускай мове. Пераехаў жыць у г.Чуднаў ва Украіну, дзе і памёр.
Фонд Марыі Магдалены Радзівіл займаецца дабрачыннасцю, спрыяе пректам па развіццю беларускай культуры і асветы, захаваннем беларускай культурна-гістарычнай спадчыны.
Да дня нараджэння Марыі Магдалены Радзівіл ў мінскім касцёле Найсвяцейшай Тройцы (св. Роха) на Залатой Горцы, дзе перапахаваны прах беларускай мецэнаткі, адбылася Святая Імша і літаратурна-музычная вечарына: гучаў арган і вершы Максіма Багдановіча.
Аб урачыстасці кіраўнік Беларускага аб’яднання ў Швейцарыі, Прэзідэнт Фонду Марыі Магдалены Радзівіл Алесь Сапега і пробашч парафіі ксёнз канонік Юрый Санько.
Алесь Сапега: Год мінуў, як мы пахавалі прах Марыі Магдалены Радзівіл у гэтым касцёле. Ужо тады, на пахаванні, было агучана што неблага, каб традыцыйна раз на год мы збіраліся і праводзілі святочныя вечары, прысвечаныя Марыі Магдалене Радзівіл. У гэтым годзе было вызначана, што самай лепшай датай, якая падыходзіць – гэта дзень яе народзінаў. Мы абмяркоўвалі з ксянзом Санько, што б гэта магло быць. З яго боку паступіла прапанова, каб іграла арганная музыка пасля Імшы, а абапіраючыся на тое, што Марыя Магдалена Радзівіл падтрымлівала культуру, было вызначана, што неблага, каб у гэты святочны дзень прагучалі і вершы Максіма Багдановіча, якога яна таксама калісці падтрымала.
У нас у планах ёсць жаданне запрасіць Радзівілаў у Швейцарыю, бо ў гэтым годзе плануецца адкрыць мемарыяльную дошку Марыі Магалене Радзівіл у тым кляштары, дзе яна жыла. Адкрыццё выпадае на Дзяды, у лістападзе.
Юрый Санько: Я ўдзячны ўсім, за тое што такая вечарына адбылася. І мы яшчэ, перад тым, як сустракацца і абмяркоўваць перазахаванне праху думалі аб тым, каб гэта не была такая фармальнасць І гэтая вечарына – вынік таго супрацоўніцтва і той памяці, якую мы захоўваем пра нашу вялікую мецэнатку, пра тыя справы, якія яна чыніла. І мы хочам быць падобныя ў добрых справах да нашых беларусаў. Я спадзяюся, што гэтыя вечары стануць сапраўды такімі традыцыйнымі (не хочацца ўжываць слова папулярнымі). Але іх будуць наведваць з задавальненнем людзі і натхняцца нашай беларускай творчасцю. І сапраўды можа калісці гэта будзе такая цудоўная пляцоўка, дзе змогуць выступаць і маладыя паэты, і пісьменьнікі. Таму я вельмі ўдзячны Богу, за тое, што так у нас склаліся ўсе гэтыя падзеі, што гэтая вечарына адбылася.
Заўсёды пры шыльдацы (нават, калі няма ў касцёле таго, хто мог бы распавесці), заўсёды ёсць інфармацыя, якую можна прачытаць: пра жыццё і гісторыю Марыі Магдалены Радзівіл, пра яе дзейнасць, чым яна адметная, і пра апошнія крокі, як яна вярталася на радзіму. З фотаздымкамі, шыльда ёсць памятная. Канешне, вялікі гонар для нас, што наша святыня стала месцам апошняга прытулку вялікай беларускі.
Таццяна Гаргалык: А мы прапануем пранікнуцца ўзнёслай атмасферай вечара ў касцёле на Залатой Горцы.
Арганная кампазіцыя. Выконвае кампазітар Віктар Кісцень.
Верш М.Багдановіча «Па-над белым пухам вішняў...». Чытае Андрэй Саўчанка, рэжысёр Тутэйшага тэатра.
Радыё Беларусь (слухаць)
Фота: Генадзь Бука